Піраты Карыбаў лаюцца, як беларускія сяляне!
2007-05-14 13:44:49, Мікалай Карняйчук
Героі галівудскіх блокбастараў “Праклён “Чорнай пярліны” і “Мерцвякоў куфар” – дзвюх частак з трылогіі “Піраты Карыбаў” – цяпер размаўляюць і па-беларуску. У тытрах фільмаў, пераагучаных з падачы згуртавання “Дзіўноты і памароцтвы”, значацца Лявон Вольскі і Піт Паўлаў, Аляксандр Памідораў і Руся, “Саша” разам з “Сірожам” і яшчэ шмат цікавых персанажаў.
Вольскія агучвалі “Піратаў…” ледзь не ўсёй сям’ёй: ролі атрымалі Лявон,
Ганна і маленькая Адэлечка. Капітан Джэк Верабей быццам створаны для
лідэра N.R.M.: пад Новы год спадар Вольскі нават граў канцэрты ў
прыкідзе манернага пірата. Так што аўтары перакладу шукалі ў раскладзе
музыкі вольны час для працы ў студыі даўжэй, чым заняла агучка…
А вось Піт Паўлаў “Піратаў Карыбскага мора” ўвогуле не глядзеў. Ролю лорда Бэкета яму параіў яго сын Ян Вінцэнт.
Піт Паўлаў: “У дзяцінстве я з захапленнем чытаў усе пірацкія кніжкі.
Канешне, для мяне гэта цікавая тэма. Я даволі добра разбіраюся ў
марской тэрміналогіі дзякуючы кнігам Жуля Верна, Фінемора Купера – ёсць
у яго “Чырвоны карсар” – і, вядома ж, Стывенсана”.
Начытанасць, вядома ж, дапамагла гітарысту N.R.M., але па яго ўласным
прызнанні, у словы і настрой свайго персанажа ён “трапляў” толькі з
5-га – 6-га дубля.
Ганне Вольскай для таго, каб агучыць вядзьмарку з другой часткі “Піратаў…”, давялося пачаць размаўляць са спецыфічным акцэнтам.
Ганна Вольская: “Як, ведаеце, размаўляюць амерыканскія беларусы: “Я
вельмі ўсЬцешаны…” – неяк так. Мы нават крыху патрэніраваліся, і
атрымалася, што ён падыходзіць”.
Кажуць, перакладчыкі “Крымінальнага чтыва” на беларуску ледзь не тры
тыдні падбіралі аўтэнтычныя адпаведнікі папулярным амерыканскім словам
“b..tch” ды “f..ck” – і ўсё роўна не выдумалі нічога цікавейшага за
“с..чка” і “засадзіць ”. Джэнтэльмены ўдачы з Карыбаў, як, дарэчы, і
піраты ўсяго астатняга свету, таксама лаюцца, але зусім па-іншаму.
Распавядае Алесь Квіткевіч, кіраўнік “Дзіўнотаў і памароцтваў”:
Алесь Квіткевіч: “Нашая лаянка больш аўтэнтычная, не вынайдзеная
наўмысна. Я ў якасці прыкладу зараз зачытаю вытрымкі са сцэнару:
Агідны недарэка, брыдоціна!
Перуновы стрэл мне ў дупу!
Каб табе ліха, паскуда, і трасца ў бок, смоўж недачапалы!
Лайдак прыдурнены, што ў тваёй доўбні боўдзіла?!
Хай цябе чэрці абсмаляць да вантробаў, валацуга гаротны!
Прывесці да мяне гэтага бэйбуса!
А ну маўчаць, бурдзюк наброханы!
Далей былі і больш жорсткія пасажы”.
Калі піраты Карыбаў лаюцца, у іх гаворцы не адчуваецца змушанай
злоснасці. Яны, як беларускія сяляне, не маюць наўвеце нічога
дрэннага і не хочуць нікога пакрыўдзіць.
Аляксандр Памідораў, чыім голасам ужо размаўляюць па-беларуску Шрэк і
Джулс, кілер з “Крымінальнага чытва”, планаваўся на ролю капітана
Барбосы. Але падчас працы над фільмам яго “перакінулі” на супрацьлеглы
бок пірацкага фронту – у выніку ён агучыў боцмана з карабля Джэка
Вераб’я. Роля Барбосы дасталася памяркоўнаму блюзмэну Андрэю Плясанаву.
Аляксандр Памідораў: “Гэта пачатак вельмі вялікай і сур’ёзнай працы.
Калі зменіцца сітуацыя, будзем дубляваць не проста нейкія фільмы – ўсе
фільмы давядзецца перакладаць на беларускую мову”.
“Дзіўноты й памароцтвы” паўсталі з супадзення: студэнт мінскага
лінгвістычнага універсітэту Алесь Квіткевіч скончыў пераклад кнігі
“Хронікі Нарніі”, а Галівуд якраз выдаў фільм з такой самай назвай.
Неўзабаве Алесь сабраў каманду з сяброў, якія цямілі ў працы з гукавой
апаратурай, і засеў за пераклады.
Алесь Квіткевіч: “Мы выбралі добрае сямейнае кіно, агучылі, і такім
чынам атрымаліся першыя два фільмы “Піратаў”. А неўзабаве будзе ўжо і
трэці фільм”.
З трэцімі “Піратамі Карыбаў” хлопцы вырашылі не спяшацца і выпусціць беларускую агучку ўсё ж пасля сусветнай прэм’еры.
Алесь Квіткевіч: “Згуртаванне DJP – “Дзіўноты і памароцтвы” – мае быць
даволі трывалым. Ужо дакладна ў нас будуць “Чорная котка, белы кот”
Эміра Кустурыцы, “Перакладчыца” з Ніколь Кідман і Шонам Пэнам, а
таксама вядомы мульцік “Тачки”. Праўда, у нашым варыянце ён будзе
называцца “Самаходзікі”.
Паліграфія для DVD з фільмамі ўжо гатовая. Неўзабаве “Праклён “Чорнай
пярліны” з’явіцца ў продажы. Чым не нагода пераглядзець яго яшчэ раз?
Піраты Карыбаў лаюцца, як беларускія сяляне!
- 0 (mp3, 3MB)
Даслаць каментар