Image 42204

У Гродне слінгамамы зладзілі вулічнае шэсце і фотасэсію

Дзесятак маладых жанчын з дзецьмі ў слінгах шпацыравалі па цэнтральных вуліцах горада, танчылі ў парку і ахвотна пазіравалі журналістам. Такім чынам мамы імкнуліся паказаць, што слінг — гэта бяспечна і зручна.

Мінулы тыдзень у многіх краінах свету адзначылі пад лозунгам “Бяспечнае слінганашэнне: цешцеся перавагамі!”. Міжнародны тыдзень слінганашэння закрануў і горад над Нёманам. Святочнае сямейнае шэсце, якое прайшло 9 кастрычніка, наведала Еўрарадыё. 

Смех удзельнікаў працэсіі і вулічны шум не перашкаджаў маленькай Варвары спакойна спаць у слінгу. Яе маці Яўгенія карыстаецца ім толькі 2 месяцы, але ўжо паспела ацаніць усе выгоды гэтага прыстасавання: 

“Гэта называецца май-слінг. Ён больш за ўсё падобны на сучасны заплечнік. Так жа, як і ў любым слінгу, тут рэгулююцца лямкі. Дзіцё расце, і слінг можна не мяняць. Ён будзе падыходзіць”.

Бацька Варвары Андрэй таксама часам носіць сваю 5-месячную дачушку ў слінгу:

“Я таксама лічу, што гэта вельмі зручная рэч. Калі, напрыклад, мамы няма дома, кудысьці трэба выйсці — дзіцё само не пакінеш. А з вазком яго цяжка вывозіць у краму. А так атрымліваецца хутка, эканоміцца час і свабода рухаў!”

Па дарозе ад драмтэатра да парка Жылібера слінгабацькі раздавалі мінакам адмысловыя балонікі, сцяжкі ды ўлёткі з інфармацыяй пра розныя віды слінгаў. У канцы шэсця мамы зрабілі своеасаблівы сюрпрыз. Каб пераканаць выпадковых гледачоў у бяспецы і зручнасці слінга, яны станчылі разам са сваімі дзеткамі. 

У арганізацыі Тыдня слінганашэння ўдзельнічала Ганна Кузняцова. На сённяшні дзень яна адзіны сертыфікаваны слінгакансультант у Гродна. Адмысловы экзамен Ганна здавала пры расійскай Асацыяцыі слінгакансультантаў. Каб атрымаць такі статус, валодаць тэорыяй гэтага майстэрства мала. Свайго сына Ганна два гады насіла ў слінгу.  

“Калі ён побач, на адлегласці пацалунка, я і пакарміць яго магу, калі ён захацеў. Гэта вельмі прыемна. Я часта сустракаю бабуляў, якія гавораць, што нас у вёсцы так насілі. Са мной у доме жыве бабуля, у вёсцы якой насілі дзяцей у рушніках”, — гаворыць Ганна

Ганна Кузняцова дапамагае маладым бацькам правільна выбраць і карыстацца слінгам, праводзіць заняткі ёгі для цяжарных і актыўна ўдзельнічае ў абмеркаваннях тэм слінгаў на мясцовым інтэрнэт-форуме. 

“Часта баяцца зрабіць дзіцё ручным. Гавораць: “Носіце яго на сабе! Потым ён ручны будзе!” Я апрача таго, што слінг-кансультант, яшчэ ўрач-тэрапеў. І хачу прафесійна  заявіць, што цалкам задаволеная патрэба знікае. То бок у дзіця ёсць патрэба быць залежным — хай ён пабудзе на руках, калі для яго гэта фізіялагічна натуральна. Потым гэта дапаможа яму быць больш самастойным”, — пракаментавала Ганна Кузняцова

Image 42205

Image 42206

Image 42207

Image 42208

Image 42209



 
 

Даслаць каментар









captcha image

Пакуль няма каментароў.

AПОШНІЯ НАВІНЫ

 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>