З прылаўка Смаргонскай крамы за 1000 рублёў прадавалі фашысцкую свастыку

З прылаўка Смаргонскай крамы за 1000 рублёў прадавалі фашысцкую свастыку 

Маладыя прадаўцы не змаглі адрозніць гітлераўскую сімволіку ад значкоў “Плэйбоя” і лагатыпа маскоўскага “Спартака”

У продаж прыватнай крамы “Вольга” ў Смаргоні трапілі гумовыя фенькі з выявай нацысцкай свастыкі. Гітлераўскі сімвал у аўторак 4 лістапада заўважылі на прылаўку маладзёны з мясцовай філіі БНФ. Смаргонь скалыхнула скандалам.

“Мы зайшлі ў краму выпадкова, а там якраз гэтыя фенькі і прадаюцца, - з партызанскай інтанацыяй у голасе расказвае актывіст Антось Худзякоў. - Глядзім – адна са свастыкамі. Каштавала каля тысячы рублёў. Спыталіся: “Чаму ў вас прадаюцца са свастыкамі?” А яна адказала: “Гэта не ў нашым аддзеле”. Нешта такое. Ну мы потым прыйшлі зноў, сварыцца збіраліся. Але крама была зачыненая. Добра, што яшчэ да гэтага паспелі сфатаграфаваць тую феньку са свастыкай. Падышлі ціхенька, каб ніхто не бачыў і – чык…”

Белыя фенькі з чорнай свастыкай ляжалі побач з дзесяткамі іншых рознакаляровых гумовых фенек. Свастыкі маскіраваліся сярод выяваў плэйбойскага зайчыка, пірацкага чэрапа, надпісаў “Манчэстэр Юнайтэд”, “Спартак”, “Барселона”ды іншых.

Гаспадар крамы “Вольга” прадпрымальнік Мікалай Трухан даведаўся пра свастыку акурат у мінулы аўторак. Кажуць, што крама ледзь не перавярнулася дагары нагамі, а прадаўшчыцы з гора раўлі як на хаўтурах.
 
“Тавар замаўляўся як бранзалеты на руку, асарці. Я папросту не магу сам усё пракантраляваць, - тлумачыць Мікалай Трухан надзвычайнае здарэнне Еўрарадыё. - Тавар прыйшоў, дзяўчаткі праверылі і, мне нічога не сказаўшы, выклалі на вітрыну. Я, калі заўважыў, свастыкі адразу прыбраў. Бо навошта мне гэта трэба? У мяне дзед загінуў на вайне ва Ўсходняй Прусіі. Разнос атрымалі ўсе прадаўцы”.

Мікалай Трухан у Смаргоні лічыцца аўтарытэтным прадпрымальнікам. У мясцовым райвыканкаме нам пра гэтага чалавека казалі толькі добрае. Не паверылі ў версію распаўсюду свастыкі і мясцовыя ветэраны.

“Магазін “Вольга”? Не, нічога такога там ніколі не заўважаў. Хоць у Смаргоні 40 гадоў жыву, - пракаментаваў Еўрарадыё "свастыкавы" скандал Мікалай Шахмуць, кіраўнік раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. - Я не дапускаю такога, каб у нашым гандлі былі такія справы.”

Мікалай Трухан бачыць прычыну скандалу ў неадукаванасці маладых хлопцаў і дзяўчат, якія не ведаюць, што азначае фашысцкая свастыка.

“Моладзь зараз нічога не ведае, і гэта страшна, - працягвае  гутарку з Еўрарадыё Мікалай Трухан. - Нават мой сын навучаецца ў інстытуце, а свастыкі не ведае. Я пытаюся ў прадаўшчыц: “Ці ведаеце, што гэта такое?” Кажуць: “Не”. Хацеў учора звольніць іх, але пачалі плакаць. Прэміі не атрымаюць. Ды за такія справы крымінальная адказнасць павінна быць. Што ж гэта такое?! Увогуле, кашмар”.

Знятыя з продажу фенькі са свастыкай Мікалай Трухан збіраецца завесці ў Мінск аптавікам, якія гэтую прадукцыю распаўсюдзілі. Мінчане ківаюць на маскоўскіх вытворцаў, якія ў сваю чаргу прадалі нацысцкую сімволіку ім.

Фота з сайту партыі БНФ



З прылаўка Смаргонскай крамы за 1000 рублёў прадавалі фашысцкую свастыку - 0 (mp3, 1MB)


 
 

Даслаць каментар









captcha image

Пакуль няма каментароў.

 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>