У Светлагорску ў чаканні А.Лукашэнкі замуравалі прыбіральню
Арсень Даніловіч, Светлагорск
7 красавіка Светлагорскае кіраўніцтва чакае кіраўніка краіны. У горадзе апошнімі днямі бялілі бардзюры і дрэвы, латалі ямы на дарогах і вырашалі праблему непрыемных пахаў на прадпрыемстве “Хімвалакно”.
Для аварыйнага рамонту дарог прывялі
тэхніку нават з Гомеля. Аб якасці рамонту можна будзе меркаваць
праз месяц-два, а пакуль ідылія “чысціні і парадку” заканчваецца там,
куды не дасягне позірк Лукашэнкі. Зялёныя масівы горада засмечаныя, у
некаторых дварах – горы смецця ля кантэйнераў.
Чакаецца, што беларускі кіраўнік наведае вытворчае аб’яднанне
“Хімвалакно” і адно з сельгаспрадпрыемстваў. Як кажуць работнікі
“Хімвалакна”, у сценах некаторых цэхоў прасеклі адмысловыя “праходы для
Лукашэнкі”: каб яму не хадзіць звілістым шляхам. Начальства доўга
ламала галаву над тым, што рабіць з прыбіральняй, ад якой ў адным з цэхоў
непрыемны пах. Нарэшцэ вырашылі на час прыезду Лукашэнкі прыбіральню замураваць.
Аб адным з мінулых прыездаў Лукашэнкі ў Светлагорск успамінае
Мікалай
Паседзька, былы рэдактар тутэйшай газеты “Ранак-плюс”:
– У месцы, дзе
адбывалася “размова прэзідэнта з народам”, прасунуўся да яго Уладзімір
Кохна, тагачасны рэдактар мясцовай тэлевізіі “Ранак”, і аператар Вадзім
Вежнавец з камерай. І кажуць: “Незалежнае тэлебачанне “Ранак”.
Лукашэнка тут жа паварочваецца да А. Якабсона, старшыні аблвыканкама:
“Гэта што яшчэ за незалежнае тэлебачанне ў цябе тут!?” Якабсон яму – не
хвалюйцеся, маўляў, Аляксандр Рыгоравіч, гэта гарадская тэлестудыя, усё
пад кантролем. Лукашэнка: “Так бы і сказалі, а то што яшчэ за
незалежнае”...
Упершыню паездку ў Светлагорск Лукашэнка рабіў, з’яўляючыся кандыдатам
на першых прэзідэнцкіх выбарах. Распавядае адзін з тутэйшых жыхароў,
які быў на той агітацыйнай сустрэчы:
– Пайшоў я туды пасля працы, а ў
руках у мяне пакет быў. У фае падыходзіць маёр міліцыі, хапае за пакет
і кажа: “З ім нельга!” Той маёр так і трымаў мой пакунак у руках,
пакуль я там быў. Аляксандр Якабсон сядзеў у прэзідыуме, а Лукашэнка,
выступаючы, называў яго “Сашам”. Так і казаў: “Вось мы з Сашам… ”
Як
бы ў сябры набіваўся.Здымак з
блога "Дзівацтва"
Даслаць каментар